МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ (шталаг № 342) у Вялікую Айчынную вайну. Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў г. Маладзечна ў ліп. 1941 для масавай загубы сав. ваеннапалонных, да 1942 тут трымалі і цывільнае насельніцтва. Меў 3 лагеры і 13 аддзяленняў на чыг. лініях, у якіх пастаянна ўтрымлівалася каля 30 тыс. чал. Тэр. лагера была абгароджана калючым дротам, вязні размяшчаліся ў бараках без ацяплення. Ад голаду (за суткі на чалавека выдавалі 100 г эрзац-хлеба i 1 л баланды), фіз. знясілення, эпідэміі тыфу і інш. хвароб у лагеры панавала масавая смяротнасць. Сістэматычна праводзіліся расстрэлы вязняў. Да чэрв. 1944 тут загублена 33 150 чал. На месцы лагера ў памяць аб ахвярах генацыду ў 1996 адкрыты мемар. комплекс.
т. 9, с. 553
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)